СЛЁЗНАЯ ЗАЛО́ЗА,

буйная залоза вока наземных жывёл і чалавека. Размешчана пад верхнім павекам вонкавага вугла вачніцы. У слізістай абалонцы вока ёсць і дабавачныя С.з. (напр., у чалавека 1—22). Выпрацоўваюць слёзы — празрыстую вадкасць, у якой да 99% вады, 0,9% неарган. рэчываў, пераважна хлорыстага натрыю, эпітэліяльныя клеткі, слізь, тлушч, лізацым — фермент, што мае бактэрыцыдныя ўласцівасці. Па слёзным канале слёзы сцякаюць да ўнутр. вугла вока ў слёзны мяшок і далей — у насаслёзны канал. Увільгатняюць пярэднюю паверхню вока, вымываюць іншародныя целы, удзельнічаюць у жыўленні рагавіцы. Слёзавыдзяленне — бесперапынны рэфлекторны працэс, спыняецца ў час сну. У чалавека за суткі выдзяляецца 0,5—1 мл слёзнай вадкасці, пры плачы да 30 мл. Сакрэцыя павялічваецца пры некат. псіхічных станах (боль, гнеў, радасць, смутак), памяншаецца пры захворваннях (напр., трахаматозны ксероз). У водных млекакормячых С.з. выпрацоўвае тлушчавы сакрэт, які ахоўвае рагавіцу ад уздзеяння вады.

А.​С.​Леанцюк.

т. 15, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)